АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.​Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, Р.​Падбярэскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.​Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)